Вясенні экамаркет «Пастэрнак» на адзін дзень створыць атмасферу экапрыязнага і здаровага ладу жыцця

Падаецца зусім нядаўна быў лістапад і ўсіх жадаючых да сябе запрашаў другі экамаркет «Пастэрнак». Як ужо надышла каляндарная вясна і напярэдадні жаночага дню мінчане і госці сталіцы могуць наведаць трэці па ліку маркет экалагічных і вегетарыянска-веганскіх тавараў і паслуг. Чым на гэты раз парадуе «Пастэрнак» сваіх наведвальнікаў Зялёны партал даведаўся ў Яўгеніі і Уладзіміра, адных з арганізатараў экамеркета.

Я – «Пастэрнак»

Большасць гародніны мае плод і бацвінне. Калі плод прыхаваны ў глебе – вельмі цяжка сказаць, што там знаходзіцца, якая гародніна. А па бацьвінню мы можам здагадацца і пра від, і нават пра гатунак, бо гэта яе адметная рыса.

Вось так і з лагатыпам экамаркету «Пастэрнак» – імправізаванае бацьвінне, у выглядзе трох рысачак – гэта адметнасць тых людзей, якія наведваюць мерапрыемства, раздзяляюць каштоўнасці, ідэі, што транслююцца на ім, не баяцца адкрываць для сябе штосьці новае, знаёміцца з веганска-вегетарыянскім рухам.

Сама ж назва – гульня сэнсаў. Усе хаця б раз чулі пра такі карняплод. Ну і вядома, пра Барыса Пастэрнака – рускага пісьменніка, паэта і перакладчыка, аўтара рамана «Доктар Жывага», за які ён быў узнагароджанны Нобелеўскай прэміяй па літаратуры.

«Так і атрымоўваецца, што наш экамаркет для тых, хто здольны мысліць і лічыць сябе прагрэсіўным чалавекам», – падкрэслівае Яўгенія.

Чым багаты, таму і рады

Нягледзячы на тое, што другі экамаркет быў зусім не так даўно, трэці – прадставіць сваім гасцям не менш цікавыя і новыя ініцыятвы і паслугі, абяцаюць арганізатары.

«Сёння прасочваецца тэндэнцыя таго, што людзі жадаюць харчавацца правільна. І гэта можна будзе заўважыць на «Пастэрнаку» па новым удзельнікам, што ўзніклі з часу апошняга экамеркета», – кажа Уладзімір.

Таксама ў праграме чакаюцца некаторыя змены, усе яны накіраваны выключна на паляпшэнне якасці правядзення мерапрыемства і для камфорту прысутных на ім людзей. Так, напрыклад, арганізатары адмовіліся ад спікераў, што вяшчаюць са сцэны і перавялі іх у кансультацыйную зону, каб кожны жадаючы мог у больш вузкім коле задаць хвалюючыя яго пытанні.

«Улічваючы, што гэты «Пастэрнак» прысвечаны 8 сакавіка, мы пастараліся скіраваць яго на жанчын. Паклікалі вопытнага масажыста, які напрацягу ўсяго дня будзе праводзіць кароткія, па 15 хвілін, майстар-класы. Абсалютна бясплатныя і тым больш, на іх можна запісацца загадзя, на найбольш зручны час», – распавядае Яўгенія.

Традыцыйна для тых, хто прыйдзе з дзеткамі, будзе працаваць спецыяльная пашыраная зона з вялікай колькасцю забавак. Усе, хто плануюць правесці на экамаркеце цэлы дзень, змогуць зрабіць гэта ў зоне рэлаксу, дзе будуць заняткі ёгі і медытацыі. Дапамогуць стварыць атмасферу спакою і два безвакальных выступы:

«Калі раней «Пастэрнак» – гэта шум і гам, усё non stop. То зараз мы вырашылі зрабіць яго рэлаксуючым, каб людзі змаглі больш часу правесці на экамаркеце», – дадае Яўгенія.

Не забылі арганізатары і пра экалагічную складаючую «Пастэрнака». Так, можна будзе пазнаёміцца з цікавымі ініцыятывамі, павучыцца ашчаднаму і экапрыязнаму ладу жыцця, вырашэнню гарадскіх праблем, звязаных з наваколлем.

Дзякуючы аднаму з партнёраў мерапрыемства хтосьці з наведвальнікаў стане ўладальнікам шыкоўнага прызу, а менавіта сокавыціскалкі Huran, якая ў хатніх умовах дазваляе атрымоўваць асалоду ад натуральных сокаў і смузі. Але на гэтым сюрпрызы не закончацца, гарантуюць Уладзімір і Яўгенія.

На «Пастэрнаку» 100% няма мяса

Арнізатары экамаркету вельмі трапятліва ставяцца да іміджу мерапрыемства, які атрымалася напрацаваць за мінулы год.

«У нас афіцыйнае мерапрыемства і ўдзел у ім таксама афіцыйны. Таму з кожным удзельнікам мы заключаем дамову, у дадатку да якой прапісаны рэгламент да тавараў і паслуг. Напрыклад, там указаны ўсе Е, што могуць прысутнічаць у таварах і якіх катэгарычна быць не павінна, дапушчальныя элементы і інш», – зазначае Яўгенія.

Такім чынам можна смела казаць пра тое, што ўсе прадстаўленыя харчовыя прадукты на 100% падыходзяць для лактавегетарыянца, ёсць смакоты і для веганаў. Аднак, арганізатары не цураюцца людзей з іншымі поглядамі, наадварот, яны разглядаюць «Пастэрнак» як магчымасць паказаць альтэрнатывы ў харчаванні, вопратцы і звычках.

«Ніякіх тавараў, што ўтрымліваюць яйкі, мяса, рыбу, жэлацін і сычужны фермент, у нас не было і не будзе ніколі. Таму нават тыя праекты, што распрацоўваюць меню, уключаючы ў яго мяса, на «Пастэрнаку» прадстаўляюць вегетарыянска-веганскія стравы. Тое, што яны робяць па-за межамі мерапрыемства, мы не можам кантраляваць. Экамаркет – гэта асяроддзе, якое атрымоўваецца стварыць на адзін дзень. Мы піярым здаровы лад жыцця, які для нас неаддзялімы ад вегетарыянства, экалогіі.

А можа складзецца так, што хтосьці паглядзіць на попыт у вегетарыянстве і веганстве, і зменяць свае паслугі пад спажыўцоў », – дадае яна.

Асобы падыход да «Пастэрнака»

Яшчэ адна рэч, пра якую арганізатары экамаркета вельмі клапоцяцца – гэта прэзентабельнасць удзельнікаў. Менавіта таму асобым патрабаваннем з'яўляецца крэатыўны падыход у афармленні сваіх стэндаў, да выступленняў і прэзентацый.

«Я ў мінулым маркетолаг, таму даводзілася часта бываць на розных беларускіх выставах. І адназначна магу сказаць, што мне не яны падабаюцца. Усе яны праходзяць неяк па саўковаму, з пластыкавымі безаблічнымі перагародкамі, сумнымі прэзентацыямі. Паверце, такі падыход можа звесці на «не» нават самыя цікавыя і творчыя спецыялізаваныя выставы», – кажа Яўгенія

«Мы ўсім адразу кажам, што калі патрэбна дапамога, то мы з радасцю прыдумаем і прэзентацыі, і розныя конкурсы, афармленне. Для нас жа важна, каб удзельнікам таксама спадабалася і водгукі былі добрымі, каб на наступны раз яны захацелі паўдзельнічаць зноў», – падкрэслівае Уладзімір.

З гэтай жа мэтай упершыню, перад трэцім маркетам, для ўдзельнікаў і партнёраў быў арганізаваны спецыяльны майстар-клас па брэндзінгу, візуалу і крэатыву.

Сабраныя грошы пойдуць дабрачынным ініцыятывам

Яшчэ адным новаўвядзеннем, але на гэты раз вымушаным, стаў платны ўваход на «Пастэрнак». Сума зусім не вялікая – 20 тысяч і арганізатары спадзяюцца, што гэта нікога не спужае. Прычынай такога рашэння стала тое, што, на жаль, у папярэднія разы не атрымоўвалася сабраць хоць нейкія сродкі дабрачынным праектам і ініцыятывам.

«З іншага боку, выдатна разумеем людзей, якія прыходзяць на мерапрыемства. Вазьмі фалафель, выпі смузі ці кавы – ўсё гэта каштуе грошаў. І на дабрачыннасць ужо неяк не хапае.

Таму зараз людзі будуць адразу рабіць невялікі «ўзнос» на ўваходзе, частка з якога 100% пойдзе дабрачынным ініцыятывам», – тлумачыць Уладзімір.

«А таксама гэта будзе добрым стымулам паўдзельнічаць ва ўсіх майстар-класах», – усміхаецца Яўгенія.

Заўтра, 6 сакавіка, усіх жадаючых чакае да сябе «Пастэрнак». Экамаркет пройдзе ў «Cotton Hall» (вул. Старажоўская, 15а) з 10.00 да 19.00.

Источник

Комментарии

Доброслав Метелица 7 марта 2016 04:12

Были сегодня. Пастернак подрос, конечно... всё на уровне, интересные конкурсы, куча подарков и самое главное - прийти с ребёнком не проблема потому что функционирует отличная детская площадка. В общем, довольны, придём ещё.

Зарегистрируйтесь, чтобы оставлять комментарии.